ВЕРХНЯДЗВІ́НСКАЕ ТКА́ЦТВА,
народнае мастацкае ручное ўзорыстае ткацтва на тэр. Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобл. Вядомае здаўна (у л-ры — з 19 ст.). Тут ткалі посцілкі, дываны, ручнікі. Адметнае ў Верхнядзінскім ткацтве традыц. спалучэнне 2 колераў: чорнага з малінавым, белым, чырвоным ці аранжавым. Разнастайнасць дасягаецца ўзбуйненнем ці здрабненнем асобных матываў, рознымі перапляценнямі нітак пры захаванні адзінага кампазіцыйнага ладу. Тэхніка — перабор, шматрамізная, выбарная; узоры — «у дымкі», «у ромбы» і г.д. З 1967 пры Верхнядзвінскай ф-цы маст. вырабаў працуе цэх маст. ткацтва, дзе ткуць ручнікі, посцілкі, накідкі на крэслы ў традыц. колерах з бел. арнаментам. Матэрыял — лён, віскоза, воўна, чарот (з яго робяць сурвэткі, сумкі).
Дз.С.Трызна.
т. 4, с. 110
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)